Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

31 Кст 2017

Беларусь заняла ў рэйтынгу Doing Business 38-ю пазіцыю

Беларусь заняла ў рэйтынгу Doing Business 38-ю пазіцыю

31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заняла ў рэйтынгу Doing Business 2018 ("Вядзенне бізнесу - 2018") 38-ю пазіцыю сярод 190 дзяржаў, па якіх праводзіцца гэта даследаванне. Аб гэтым паведаміла журналістам суаўтар справаздачы Валянціна Салтан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Згодна з аналагічнай справаздачай, апублікаванай у кастрычніку мінулага года, краіна займала 37-е месца. "У параўнанні з мінулым годам змяненне не вельмі вялікае - паніжэнне на адну пазіцыю. Гэта зніжэнне звязана з тым, што іншыя краіны правялі больш актыўную рэфарматарскую дзейнасць. У гэтым годзе мы адзначаем усяго толькі адну рэформу ў Беларусі - па атрыманні крэдытаў", - растлумачыла суаўтар справаздачы. Пры гэтым яна адзначыла, што за апошні год ніякіх істотных змяненняў у метадалогіі рэйтынгу не адбылося.

Валянціна Салтан звярнула ўвагу, што тэмп рэформ у Беларусі крыху знізіўся. "Разам з тым у 2006 годзе Беларусь знаходзілася на 106-м месцы з прыкладна 150 краін, а цяпер краіна на 38-м месцы - гэта вельмі добры паказчык", - заўважыла эксперт. У справаздачы за мінулы год улічваліся чатыры значныя рэформы для бізнесу.

Пры складанні справаздачы "Вядзенне бізнесу - 2018" даследаваліся сферы жыццядзейнасці бізнесу, сярод якіх "Атрыманне дазволаў на будаўніцтва" - 22-е месца (у справаздачы 2017 года - 28-е), "Рэгістрацыя ўласнасці" - 5-е месца (5-е), "Падаткаабкладанне" - 96-е месца (99-е), "Вырашэнне неплацежаздольнасці" - 68-е месца (69-е). Усяго было прааналізавана дзесяць індыкатараў. "У гэтым годзе даныя засталіся практычна без змяненняў па ўсіх гэтых індыкатарах. Магу адзначыць, што па рэгістрацыі ўласнасці ў Беларусі і так вельмі добрая пазіцыя - 5-е месца са 190 краін, - сказала эксперт. - У краіне, зыходзячы з нашых даных, патрэбны толькі дзве працэдуры, каб зарэгістраваць уласнасць, і рэгістрацыю можна зрабіць усяго толькі за два дні і па нязначнай вартасці". Валянціна Салтан таксама адзначыла нядрэнныя рэзультаты ў Беларусі па індыкатары "Атрыманне дазволу на будаўніцтва". "Краіна знаходзіцца на 22-м месцы. Вельмі часта прыватны сектар скардзіцца менавіта на гэты індыкатар. У Беларусі, каб атрымаць дазвол на будаўніцтва, трэба прайсці 16 працэдур, гэта можна зрабіць за 115 дзён. Калі параўнаць з сярэднім паказчыкам па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі, там ён складае 168 дзён", - расказала яна.

У глабальным рэйтынгу краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай дзейнасці лідарам засталася Новая Зеландыя. На другім месцы па-ранейшаму знаходзіцца Сінгапур. За імі ідуць Данія, Рэспубліка Карэя, Ганконг (Кітай), ЗША, Вялікабрытанія, Нарвегія, Грузія і Швецыя.

Сярод краін постсавецкай прасторы самае высокае месца займае Грузія - 9-е, якая за апошнія 15 гадоў правяла 47 рэформ. Следам за ёй ідуць Эстонія - 12-е, Літва (16-е), Латвія (19-е) і Польшча (27-е). Далей размясціліся Расія (35-е), Казахстан (36-е), Узбекістан (74-е), Украіна (76-е), Кыргызстан (77-е), Таджыкістан (123-е).

Валянціна Салтан адзначыла, што рэйтынг Doing Business даволі просты і мае празрыстую метадалогію. "Дзякуючы гэтаму краінам і ўрадам вельмі лёгка падлічыць і паглядзець, як яны могуць змяніць сваё бізнес-асяроддзе. І не толькі для таго, каб вырасці ў рэйтынгу, але каб на самай справе палепшыць асяроддзе для вядзення бізнесу ў краіне. А гэта вядзе да эканамічнага росту, інвестыцый, стварэння новых рабочых месц", - канстатавала эксперт. Акрамя таго, індыкатары, па якіх праводзіцца даследаванне, даюць магчымасць атрымаць актуальнае ўяўленне аб эканамічнай сітуацыі ў краіне.

У цэлым краіны Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў мінулым годзе правялі 44 рэформы, спрыяльныя для бізнесу, паводле даных за 15 гадоў агульная колькасць рэформ у рэгіёне склала 673.

Беларусь у сусветным рэйтынгу Doing Business

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі