8 ліпеня, Уфа /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь набывае статус наглядальніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Пуцін павіншаваў беларускі бок з тым, што вырашана задача павышэння статусу Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
"Гэта пытанне можна лічыць вырашаным. Беларусь набывае статус наглядальніка ў гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, роля якой расце ў сучасным свеце", - сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы.
"Мы ўпэўнены ў тым, што ваш удзел у рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва пойдзе на карысць як Беларусі, так і ўсім удзельнікам арганізацыі", - адзначыў расійскі лідар.
Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца самым блізкім стратэгічным партнёрам, саюзнікам Расіі. Ён звярнуў увагу на тое, што краіны супрацоўнічаюць па ўсіх напрамках, пачынаючы ад ваеннай сферы і заканчваючы гуманітарнай, вырашаюцца сацыяльныя пытанні ў інтарэсах грамадзян, развіваюцца кааперацыйныя сувязі як у Саюзнай дзяржаве, так і Еўразійскім эканамічным саюзе. Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі і Расіі шмат сур'ёзных планаў.