27 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і В'етнам ідуць па шляху ўстанаўлення стратэгічнага партнёрства. Гэта вынікае з сумеснай заявы прэзідэнтаў Беларусі і В'етнама Аляксандра Лукашэнкі і Чан Дай Куанга аб усебаковым і паглыбленым развіцці адносін партнёрства паміж дзвюма краінамі. Дакумент падпісаны па выніках афіцыйных перагавораў у Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У сумеснай заяве адлюстраваны падобныя пазіцыі бакоў па пытаннях міжнародных і двухбаковых адносін. Пацвярджаецца курс на паслядоўнае развіццё і ўмацаванне традыцыйна дружалюбных сувязей паміж Беларуссю і В'етнамам. Заяўлена аб агульнасці падыходаў да ключавых глабальных і рэгіянальных праблем і выказана гатоўнасць да цеснага супрацоўніцтва ў рамках міжнародных арганізацый.
У цэлым бакі выказалі задавальненне канструктыўным характарам і дынамічным паступальным развіццём беларуска-в'етнамскага супрацоўніцтва, актыўным абменам візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях у апошнія гады, што надае ўстойлівы характар існуючым міждзяржаўным сувязям, садзейнічае іх паглыбленню ва ўсіх сферах.
Пацверджана ўзаемная зацікаўленасць у інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, адзначаны яго вялікі патэнцыял з улікам уступлення ў сілу з 5 кастрычніка 2016 года пагаднення аб свабодным гандлі паміж дзяржавамі ЕАЭС і В'етнамам.
Бакі згадзіліся развіваць і паглыбляць кааперацыю ў галінах транспартнага машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтахіміі, лёгкай прамысловасці, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогій, электронікі, здабычы карысных выкапняў, перапрацоўкі морапрадукцыі, прадукцыі аграпрамысловага комплексу і ў іншых галінах эканомікі.
Прэзідэнты віталі стварэнне беларуска-в'етнамскага сумеснага прадпрыемства "МАЗ Азія" па зборцы беларускай грузавой аўтатэхнікі на тэрыторыі В'етнама і выказалі гатоўнасць стварыць спрыяльныя ўмовы для яго работы.
Адзначаецца, што рэалізацыя кааперацыйных праектаў дасць магчымасць лакалізаваць вытворчасць у В'етнаме беларускай складанатэхнічнай прадукцыі, у тым ліку для далейшага сумеснага экспарту тэхнікі ў дзяржавы - члены Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама забяспечыць стварэнне рабочых месц і павышэнне кваліфікацыі в'етнамскіх работнікаў.
Акрамя таго, бакі адзначылі вялікія магчымасці і намер больш актыўна ўдзельнічаць у дзяржаўных праграмах, інфраструктурных, энергетычных і іншых праектах, што рэалізуюцца ў Беларусі і В'етнаме, у тым ліку па праектаванні і будаўніцтве метро, тунэляў, Нацыянальнай бібліятэкі, распрацоўцы нафтавых і горных нетраў В'етнама, рэалізацыі праектаў у галіне аграпрамысловага комплексу, сувязі, прамысловай кааперацыі і турызму ў Беларусі.
У сумеснай заяве таксама гаворыцца аб узаемадзеянні Беларусі і В'етнама ў ваеннай сферы і па пытаннях бяспекі, у галінах навукі і тэхналогій, адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту і турызму.
Асобная ўвага ў дакуменце ўдзелена неабходнасці актывізацыі міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
Заяўлена аб прыхільнасці да актыўнай міжнароднай інтэграцыі Беларусі і В'етнама. В'етнамскі бок пацвердзіў гатоўнасць падтрымаць імкненне Беларусі да ўмацавання шматбаковага супрацоўніцтва з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. У сваю чаргу беларускі бок гатовы аказваць садзейнічанне ў развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва В'етнама з дзяржавамі ЕАЭС і СНД.
Бакі пагадзіліся, што візіт Прэзідэнта В'етнама ўнёс важны ўклад ва ўмацаванне атмасферы традыцыйнай дружбы, усебаковага супрацоўніцтва і з'яўляецца важным крокам на шляху да ўстанаўлення стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і В'етнамам.
Чан Дай Куанг запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць В'етнам у зручны для яго час. Запрашэнне было з удзячнасцю прынята. Канкрэтныя тэрміны візіту будуць узгоднены.
У прысутнасці лідараў дзвюх краін таксама падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. У іх ліку пратакол аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у пратакол паміж урадамі Беларусі і В'етнама аб вытворчасці маторных транспартных сродкаў на тэрыторыі В'етнама ад 23 сакавіка 2016 года, мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне геалогіі, пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы фізічнай культуры, спорту і турызму, палажэнне аб змешанай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве.
Падпісаны таксама пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і В'етнамскай акадэміяй навук і тэхналогій, а таксама мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне акадэмічных абменаў і супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і В'етнамскай акадэміяй грамадазнаўчых навук.
Заключаны пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Брэсцкай вобласцю і правінцыяй Лаа Кай і мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Віцебскай вобласцю і горадам Хайфон В'етнама на 2017-2021 гады.