5 кастрычніка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь і Венесуэла маюць намер у бліжэйшыя два гады значна нарасціць супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадурам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На жаль, як мы канстатавалі з Прэзідэнтам, цяпер экспартна-імпартныя сувязі Беларусі і Венесуэлы не на тым самым высокім узроўні, на якім яны некалі былі. Па розных прычынах, якія шмат у чым не залежаць ад Венесуэлы і Беларусі. Але патэнцыял дзвюх краін дае магчымасць значна нарасціць нашы адносіны, у тым ліку ў эканоміцы і гандлі. Вы ведаеце мой характар і характар Нікаласа: мы гэта зробім. Гэта ўжо будзе відаць на працягу бліжэйшых двух гадоў, а за пяць гадоў мы пастараемся зняць праблемы, якія існуюць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на неабходнасць развіваць супрацоўніцтва ў адукацыйнай і навукова-тэхнічнай сферы. "Можна пабудаваць заводы, стварыць іншыя сектары эканомікі, але, калі не будзе падрыхтаваных спецыялістаў, якія павінны працаваць на гэтых аб'ектах, з ліку венесуэльскага народа, не будзе перамогі. Таму, развіваючы рэальны сектар эканомікі ў Венесуэле, трэба апераджальнымі тэмпамі рыхтаваць спецыялістаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У час перагавораў бакі таксама абмеркавалі шэраг перспектыўных сумесных праектаў, якія забяспечаць удзел беларускага боку ў развіцці будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, машынабудавання, нафтагазавай прамысловасці, іншых сектараў венесуэльскай эканомікі.
Прэзідэнт адзначыў, што Нікалас Мадура поўнасцю паглыблены ў супрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы. "Ён разумее ўсе гэтыя працэсы, у тым ліку праблемы, якія, вядома ж, існуюць у адносінах любых дзяржаў. Але гэта не тыя праблемы, якія могуць затармазіць наша супрацоўніцтва і развіццё", - упэўнены беларускі лідар.
У лістападзе Беларусь і Венесуэла правядуць у Мінску пасяджэнне сумеснай камісіі, на якім распрацуюць дарожную карту сумеснай дзейнасці. "І ў гэтым новым развіцці індустрыі Венесуэлы мы знойдзем сваё месца і зможам адыграць значную ролю ў тым, каб Венесуэла пераадолела тыя цяжкасці, якія ў яе склаліся цяпер", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што праблемы сёння ёсць у кожнай дзяржаве, але пры жалезнай волі і рашучасці ўлада зможа вырашыць іх. Менавіта такі характар у Нікаласа Мадуры, падкрэсліў ён. "На гэтым шляху мы будзем разам з вамі. Я ўпэўнены, што ў беларуска-венесуэльскіх адносін цудоўныя перспектывы. Мы разам вырашым тыя праблемы, якія сёння ёсць, таму што ведаем, як гэта рабіць і ў якім напрамку рухацца", - сказаў Прэзідэнт.