14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя заваявала бронзавы медаль на Алімпіядзе ў Рыа, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінальным заплыве на дыстанцыі 50 м вольным стылем беларуска паказала трэці рэзультат - 24,11 сек. Гэта новы рэкорд Беларусі.
Чэмпіёнкай у гэтай намінацыі стала дацкая плыўчыха Перніле Блумэ, якая праплыла 50 м за 24,07 сек, серабро заваявала амерыканка Сімонэ Мануэль - 24,09 сек.
На Алімпійскіх гульнях-2012 у Лондане Аляксандра Герасіменя была сярэбраным прызёрам у гэтай дысцыпліне з рэзультатам 24,28 сек. Яшчэ адно серабро лонданскай Алімпіяды яна заваявала на дыстанцыі сто метраў кролем.
14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды Беларусі па плаванні Аляксандру Герасіменю з заваяваннем бронзавага медаля на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Ты малайчына! Мы ўсе ганарымся табой! Праз чатыры гады ты вярнулася на алімпійскі п'едэстал і сваім яркім выступленнем запаліла сэрцы ўсіх беларускіх балельшчыкаў. Мы да апошняй хвіліны верылі ў цябе, і ты не падвяла!" - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што працавітасць, мэтанакіраванасць і сіла волі Аляксандры Герасімені стануць дастойным прыкладам для юных беларускіх плыўцоў, якія яшчэ толькі мараць аб пакарэнні алімпійскага п'едэстала.
Прэзідэнт пажадаў спартсменцы моцнага здароўя, выдатнага настрою і далейшых перамог у спорце і ў жыцці.