10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прыняла рашэнне зарэгістраваць дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку кандыдатам на пасаду Прэзідэнта Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасля прыняцця гэтага рашэння пасведчанне кандыдата на пасаду Прэзідэнта Беларусі было ўручана кіраўніку ініцыятыўнай групы - Міхаілу Ордзе, які прадстаўляў інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі па натарыяльна заверанай даверанасці.
Выступаючы ў ЦВК, Міхаіл Орда, у прыватнасці, адзначыў, што ініцыятыўная група пры зборы подпісаў убачыла, што людзі на месцах ставяцца да выбараў неабыякава і разумеюць, што вырашаецца лёс краіны. Таксама ён падкрэсліў, што грамадства аказала беспрэцэдэнтную падтрымку дзеючаму Прэзідэнту Беларусі.
Акрамя таго, сёння на пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 30 давераных асоб Аляксандра Лукашэнкі і адзін фінансавы прадстаўнік.