16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канчатковыя вынікі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сведчаць аб тым, што на вышэйшую дзяржаўную пасаду выбраны Аляксандр Лукашэнка, за кандыдатуру якога аддадзена 5 102 478 галасоў выбаршчыкаў, што склала 83,5 працэнта, гэта значыць больш за палавіну грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, паведамляе БЕЛТА.
Паводле інфармацыі ЦВК, за Гайдукевіча Сяргея Васільевіча аддадзена 201 945 галасоў (3,3 працэнта), за Караткевіч Таццяну Мікалаеўну - 271 426 галасоў (4,4 працэнта), за Улаховіча Мікалая Дзмітрыевіча - 102 131 (1,7 працэнта). Не падтрымалі ні аднаго з кандыдатаў 386 225 выбаршчыкаў (6,3 працэнта). Акрамя таго, несапраўднымі прызнана 48 808 бюлетэняў (0,8 працэнта).
Агульная колькасць выбаршчыкаў па Рэспубліцы Беларусь склала 7 008 682, а бюлетэні для галасавання атрымала 6 115 690 чалавек. "У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 79 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызнана, што выбары адбыліся, паколькі ў галасаванні прыняло ўдзел 6 113 013 выбаршчыкаў, што склала 87,2 працэнта ад агульнай колькасці выбаршчыкаў", - адзначаюць у Цэнтрвыбаркаме.