25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юбілейны, XXV Дзень беларускага пісьменства, які прымае ў гэтым годзе горад Іванава Брэсцкай вобласці, будзе прысвечаны тэме малой радзімы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава.
Адкрыццё свята адбудзецца 2 верасня ў 12.00 на галоўнай пляцоўцы, якая размесціцца ў гарадскім парку.
Праграма святочных мерапрыемстваў уключае ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Арганізатарамі конкурсу выступаюць міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.
На традыцыйны міжнародны круглы стол літаратараў запрошаны пісьменнікі з 15 краін.
Фестываль кнігі і прэсы пачне працаваць ужо 1 верасня. Тут будуць кніжныя выставачныя павільёны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ. У час правядзення фестывалю госці свята змогуць сустрэцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, наведаць прэзентацыі кніг і выдавецтваў, перыядычных выданняў, стаць гледачамі выступленняў мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў.
У Дзень ведаў таксама пройдзе фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка" і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў.
Шэраг мерапрыемстваў прысвечаны 400-годдзю першага ў свеце "Буквара", выдадзенага беларусамі.
Таксама продуць "Іванаўскія чытанні" - навукова-практычная канферэнцыя, якая арганізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
Часткай Дня беларускага пісьменства традыцыйна з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя "Дарога да святынь" з Жыватворным агнём ад труны Гасподняй, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства.
Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня.
У 2017 годзе Дзень пісьменства прымаў Полацк.